МЕ́ДНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні (мінералы, горныя пароды), якія выкарыстоўваюцца ў прам-сці для здабычы медзі. Вядома больш за 200 медзьзмяшчальных мінералаў, але толькі каля 20 з іх утвараюць М.р. Гал. мінералы медзі ў сульфідных рудах (больш за 90% сусв. запасаў М.р.): хальказін, барніт і халькапірыт; у медна-нікелевых радовішчах — кубаніт; у акісленых рудах: купрыт, малахіт, брошантыт, азурыт, хрызакола і інш., а таксама медзь самародная. Радовішчы медзі падзяляюцца на 9 геолага-прамысл. тыпаў (медна-нікелевыя, медзістых пясчанікаў і сланцаў, медна-калчаданныя, медна-парфіравыя і інш.). Сярэдняя колькасць медзі у іх 0,3—5%. Найб. здабыча медзі ў Чылі, ЗША, Расіі, Казахстане, Канадзе, Замбіі, Аўстраліі.

У.Я.Бардон.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)